Задачка для ідэолага на медыцынскую тэму

Чым адметны халодны дзень 9 лютага, спадарства? Ды кожны дзень па-свойму адметны і цікавы. Для кожнага. Бясспрэчна… Але халодным днём 9 лютага адзначаецца Міжнародны дзень стаматолага. Прафесійнае свята зубнога доктара. Стала гарачэй? Мала знойдзецца людзей, што любяць пасядзець у стаматалагічным крэсле. І стаматолагу ў звычайнай дзяржаўнай паліклініцы радасці мала. Асабліва ў вясковай. І грошай мала тым болей.

Дэфіцыт медыцынскіх кадраў у беларускай правінцыі – тэма даўняя і набалелая. Не трымаюцца маладыя ўрачы за працу… За што трымацца? У Расіі выпускнікам медыцынскіх ВНУ абяцаюць выплочваць 33 тысячы долараў “пад’ёмных”. У выпадку пяці год адпрацоўкі ў вёсцы.

У Беларусі альтэрнатыва такім пад’ёмным – абавязковае размеркаванне. Пойдзеш працаваць у вёску – і ніякіх размоваў. Зразумела ж, пад’ёмныя ёсць – сумы іншыя. У Беларусі крызіс, разумець трэба… Але жыццё кароткае. І паспрабуйце растлумачыць маладому медыку, што ён жахліва патрэбен радзіме, калі радзіма не прыслухоўваецца да маладога медыка.

У лютым месяцы “нізкааплатныя” бюджэтнікі атрымаюць падвышаныя заробкі і пенсіі. Што цікава? Стаўка маладога доктара-тэрапеўта і стаўка санітаркі амаль аднолькавыя. 1 725 000 і 1 230 000. Вось так… І паспрабуйце цяпер растлумачыць маладому спецыялісту, якой трасцы ён вучыўся шэсць год (плюс год інтэрнатуры). Дзе логіка і сэнс? Паднапружцеся, спадары ідэолагі.

Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.
 

Падзяліцца гэтай старонкай: