Нігерыйскія лісты да запатрабавання
Нігерыйскія лісты – вядомая рэч! Хоць раз у жыцці ў вашу электронную скрыню трапляла штосьці падобнае. Дзіўны такі ліст. І некалькі варыяцыў тэксту. Або камусьці патрэбна дапамога (і грошы). Або вам казачна пашанцавала і хтосьці пакінуў вам казачную спадчыну (шмат грошай!) Усё гэта - распаўсюджаны від махлярства, які паходзіць з Нігерыі. Варта зазначыць: нігерыйскія лісты атрымалі шырокі распаўсюд у гэтай краіне яшчэ да эпохі інтэрнэту.
І вось да Беларусі “дабраліся” аж 25 пасланцоў гэтай цудоўнай і дзіўнай краіны – Нігерыі… Прыехалі вучыцца. У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. На факультэце “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі”. Спадарства будзе вучыцца па-ангельску.
Ёсць дадзеныя, што таварышы-“студэнты” былі раней баевікамі і змагаліся супраць войскаў ураду ў дэльце ракі Нігер. Некаторыя беларускія СМІ са спасылкай на адзін з афрыканскіх парталаў сцвярджаюць: 12 тысяч былых баевікоў стануць студэнтамі замежных універсітэтаў. Такім чынам, 25 – першая “беларуская” партыя. Плануецца, што жыць яны будуць у звычайным студэнцкім інтэрнаце. Беларускім студэнтам-праграмерам сумна не будзе: нігерыйцы - народ неспакойны. Мякка кажучы. І не кажучы пра традыцыі крышавання наркатрафіку і прастытуцыі.
Нічога асабістага. Рэаліі апошніх дзён. У Гомельскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце адбылася сутычка паміж дзвюма грамадзянкамі Нігерыі. Дзяўчаты жылі ў адным пакоі. Паспрачаліся з-за нігерыйскага хлопца. Хлопец ніяк не мог выбраць лепшую. Зрэшты, ці хацеў?! Сутычка не абыйшлася без панажоўшчыны і хірургічнага ўмяшальніцтва. Беларускія студэнты не пацярпелі. Пакуль.
Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.


















