Недаацэнены “Крышталёвы збан”
Даўно даказана навукай і практыкай: лепш дзяліць адпачынак на дзве паловы. Летам адпачываеш на моры - зімой едзеш у горы. Што і зрабіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Паціху з'ехаў у Сочы, пераключыў мазгі, а вярнуўся - і пачаў «строіць» падначаленых. Спачатку сілавікі і банкаўскія «работніцы». Потым – навукоўцы! Адразу адчуваецца - арганізм у тонусе!
Ці ў тонусе айчынная навука? Не зусім. Не спраўляецца, даражэнькая, як заўжды! Асабліва «праштрафіліся» гуманітарыі. Плятуцца ў хвасце. Нашы эканамісты, сацыёлагі і палітолагі не змаглі ацаніць унікальны феномен - сучаснае беларускае грамадства. Трэба ж, “феномен” фарміруецца, фарміруецца, амаль 18 год фарміруецца! І гэты цуд не ацанілі і недастаткова добра ідэалагічна прапрацавалі.
Між тым, “нашы апаненты на Захадзе” скарыстоўваюць самыя выкшталцоныя сродкі барацьбы з блакітнавокай. Айчынныя ж навукоўцы не ў стане прапанаваць дзейсныя сродкі барацьбы і супрацьстаяння. Супрацьстаяння заходнім паліттэхналогіям. Напэўна, кіраўніку дзяржавы не спадабаўся апошні ідэалагічны шэдэўр “журналістаў” з БТ. І ён вырашыў далучыць да працэсу навукоўцаў. Цяжкую артылерыю. Чаму Аляксандр Лукашэнка вырашыў, што задача навукоўцаў-гуманітарыяў – быць дадаткам ідэалогіі? Ісці у народ… Напэўна, гэта віна савецкіх падручнікаў.
Зрэшты, не ўсё так дрэнна. Некаторыя навуковыя работы кіраўнік дзяржавы пахваліў. Тэхналогію вырошчвання хмелю ва ўмовах Беларусі. І некаторыя іншыя важныя рэчы. Без жартаў. Яшчэ б дазволілі менавіта навукоўцам займацца праблемамі навукі – цудоўная навука была б!
Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.


















