Мы сталі жыць лепей і весялей
Чалавек – такая істота, якая да ўсяго звыкае даволі хутка… Асабліва, калі гэта чалавека-істота – беларус! Урэшце пачаліся маразы і на пачатку вельмі цяжка да іх звыкаць, да маразоў. Становіцца рэальна дрэнна. Потым ужо ўзгадваеш пра запас цёплых рэчаў у шафе. Пра шматлікія гарачыя напоі. Награвальнікі… Пажадана не думаць пра кошты на электрычнасць у пачатку месяца.
Цікавую рэч заўважыла БелТА. Яшчэ ў лютым гэта заўважылі беларускія сацыёлагі. Аказваецца, беларусы сталі меней хвалявацца па прычыне цяжкой эканамічнай сітуацыі ў краіне. Адразу ўзнікае пытанне! Якія сацыёлагі так аптымістычна настроены? Адказ не ўражвае - сацыёлагі з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта РБ.
Які метад даследвання яны скарысталі, вывучаючы такую маштабную з’яву - стаўленне беларусаў да адсутнасці грошай на ежу? На цёплае адзенне. І на ўсё астатняе.
Метад даследвання – тэлефоннае апытанне. Праведзена ў студзені 2012 года. Народ ад навагодніх святаў адыходзіў… Уявіце сабе такую сітуацыю. Вам тэлефануюць з Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта. І распытваюць, як вы ставіцеся да эканамічнай сітуацыі ў краіне. Канечне, вы адкажаце, што (цытата!) “праблемы нестабільнасці беларускага рубля” і “зніжэнне рэальных заробкаў” вас турбуюць, але… Не вельмі каб… Жыць можна! Вайны ж пакуль няма? І, канечне, курс кіраўніцтва дзяржавы – правільны!
Проста здорава, калі настроі людзей сталі менш дэпрэсіўнымі і панічнымі. Па вялікім рахунку, які сэнс хвалявацца з-за таго, што ты – просты грамадзянін! – не ў стане змяніць?! Выходзіш на плошчу ці не выходзіш. Абмяркоўваеш палітыку-эканоміку на кухні ці не. Усё больш простых беларусаў з’язджаюцьна на заробкі ў Расію. Ім няма часу ўдзельнічаць у сацыяльных апытаннях па тэлефоне. Ім сем’і карміць трэба.
Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.


















