Марозныя хронікі
Шалікі, свэтры, пальчаткі. Простыя, але вельмі патрэбныя рэчы марознай зімой. У сярэдзіне гэтага тыдня сіноптыкі “радуюць” узмацненнем маразоў. Усё гэта нязвыкла і кантрастна ў параўнанні з першай паловай зімы. То быў проста падарунак – працяг восені. Ці пачатак вясны. Цяпер жа кожны ратуецца па-свойму.
У горадзе Баранавічы пасажырам дазволена скардзіцца на халодныя аўтобусы ў дыспетчарскую аўтапарка. Грамадзяне насамрэч незадаволеныя - аўтобусы насамрэч халодныя. Прычыны дзве – моцныя маразы ды эканомія паліва. Ацяпленне асобнаўзятага аўтобуса ўплывае на расход паліва ў асобнаўзятым аўтобусе. У кожнага вядоўцы – норма расходу паліва на кожным рэйсе. Сэнс жаліцца камусьці? Сэнсу няма.
З іншагу боку, у тым самым горадзе Баранавічы цуды салідарнасці праяўляюць міліцыянеры і звычайныя жыхары горада. Ратуюць са снежнай замеці амаль замерзлых мінакоў… Жыве Беларусь і ў лютыя марозы?
У Віцебску вырашылі пагрэць гарбатай бамжоў. Пры -30С* холадна і звычайным жыхарам краіны. Што ж сказаць пра людзей без трывалага даху над галавой? Віцебская абласная арганізацыя “Чырвонага крыжа” з мясцовай міліцыяй распачалі сумесную акцыю “Нам патрэбен кожны”. Людзям раздавалі прадукты, цёплыя рэчы, налівалі гарачую гарбату… Некаторыя таварышы шкадавалі, што гэта не гарэлка. Кожны ратуецца ад марозу і замярзае па-свойму…
Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.


















