Фядута не гуляе ў хакей

У Беларусі так шмат навукоўцаў, гісторыкаў літаратуры і проста таленавітых людзей, што можно іх зусім не шкадаваць і закінуць у турму КДБ. Тым болей, калі талентам з’яўляецца – небяспечны "злачынца", давераная асоба аднаго з кандыдатаў, імя і прозвішча якога БТ – напэўна ж, праз склероз! - пастаянна забываецца.

Сядзіць чалавек, што можа хутка і нестандартна думаць. Гэтага не аспрэчыш, негледзячы на рознае да яго стаўленне журналісцкай браціі. Такія людзі несумяшчальныя з нашымі рэаліямі. Іх трэба тэрмінова ізаляваць.

Вось такі "батанік", што чамусьці падаецца ўладам злосным "баевіком", – Аляксандр Іосіфавіч Фядута, беларускі літаратуразнавец і палітычны аналітык. Фядуту могуць ізаляваць ад прагрэсіўннага грамадства год на 15, але прагрэсіўнае грамадства з гэтым катэгарычна не згоднае.

Расійскія філолагі арганізавалі збор подпісаў пад зваротам у абарону свайго беларускага калегі – гісторыка літаратуры Аляксандра Фядуты, затрыманага ў Мінску ў ноч пасля прэзідэнцкіх выбараў. Подпісы збіраюцца актыўна – у сацыяльных сетках і праз інтэрнэт. Віртуальная прастора, насамрэч, сцірае межы паміж дзяржавамі. Думаецца, гэта лепшы ва ўсіх сэнсах слова "інтэгратар" розных краінаў у адну рэальную суполку. У дадзеным канкрэтным выпадку – суполку інтэлектуалаў, людзей, што думаюць і адстойваюць права на свабоду думкі – для сябе ды іншых.

Варта адзначыць, што звяртаецца спадарства не да прэзідэнта РБ Аляксандра Лукашэнкі, а да прэзідэнта РФ Дзмітрыя Мядзведзева ды кіраўніка ўрада Уладзіміра Пуціна. Іншы ліст расійскай інтэлігенцыі скіраваны да Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

Такая вось спроба звярнуцца да моцных гэтага свету з прапановай "націснуць" на кіраўніка адной спакойнай еўрапейскай краіны, дзе забыліся пра закон. Дакладней, "забілі" на закон і цудоўна сябе адчуваюць. Святкуюць Новы год, рыхтуюцца да Калядаў і гуляюць у хакей.

Ці пачуе спакойная еўрапейская краіна голас разумных людзей? Ці ёсць каму пачуць? Мы ж гуляем у хакей, і гэта – самае важнае.

Дар’я Ліс, Радыё Рацыя.

ДадатакПамер
Выслухаць гэты фельетон...623.06 КБ
Падзяліцца гэтай старонкай: