Беларуская тэкіла
У беларусаў з’явілася нясцерпная прага да самастойнасці. Дакладней, да імпартазамяшчэння. Мы “імпартазамяшчаем” усё, што патрэбна грамадзянам блакітнавокай: шакаладныя яйкі “Кіндэр-сюрпрыз”, памперсы, зубачысткі, туркі для кавы…
Ужо добра вядома: прадпрыемствы “Белдзяржхарчпрама” адмовіліся ад вытворчасці таннага пладова-ягаднага віна – чарніла. Мы навучыліся рабіць віскі, каньяк і нават ром. Усё сваё! Цяпер будзе і свая тэкіла. Цікава… Для вырабу тэкілы патрэбна спецыфічная сыравіна – блакітная агава. І расце яна далёка, у пяці толькі мексіканскіх штатах. Як будзем ажыццяўляць дастаўку? Ці “пашукаем” у Беларусі? Хтосьці не так даўно загадаў знайсці на радзіме нафту, чорнае золата. І хтосьці ўжо пачаў знаходзіць… Чаму ж не знайсці агаву… на Палессі?
Зрэшты, блакітная агава са штату Тамаўліпас патрэбна для тэкілы класу “прэміюм”. У астатнім – заўжды ёсць варыянты. Магчыма, “Мінск – крышталь” прыдумае штосьці прасцейшае, ў стылі вядомых брэндаў? Па даступных коштах.
Паспрабуем зазірнуць у будучыню… Беларуская кухня. На брэсцкай пліце закіпае турка смаргонскай вытворчасці. У ёй – кава беларускай вытворчасці… З жалудоў! Усё гэта трошкі нагадвае дзіцячыя жахліўчыкі пра чорную руку ў чорным пакоі. Можа, лепей будзем рабіць сваю айчынную самагонку? Якасна? Таксама брэнд, які падчас вязуць з сабой у Нью-Йорк ужо амерыканскія беларусы. І водгукі не горшыя за тэкілу.
Дар'я Ліс, Радыё Рацыя.


















