Жонка Дзмітрыя Бандарэнкі не спадзяецца, што яго выпусцяць з калоніі, нягледзячы на прашэнне аб памілаванні

Жонка Дзмітрыя Бандарэнкі Вольга не спадзяецца, што яго выпусцяць з калоніі, нягледзячы на тое што ён напісаў прашэнне аб памілаванні.

Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв'ю БелаПАН.

Як зазначыла Вольга Бандарэнка, раней яе мужу адміністрацыя калоніі забараніла карыстацца мыліцай, на якую ён абапіраўся пры хадзьбе, і выкарыстоўваць зручны мяккі абутак, які яна яму перадала. "Але як толькі Дзмітрый 1 лютага напісаў прашэнне аб памілаванні, 2 лютага яму вярнулі і абутак, і мыліцу", — сказала Вольга.

"Я не спадзяюся, што Дзмітрыя выпусцяць па прашэнні аб памілаванні. Калі б яго хацелі выпусціць, яго б выпусцілі раней — па стане здароўя або згодна з палажэннем аб умоўна-датэрміновым вызваленні (УДВ). Паводле беларускіх законаў, выпусціць па УДВ могуць зняволенага, які адбыў трэцюю частку або палову пакарання, у якога няма спагнанняў і няма маёмаснай запазычанасці перад дзяржавай. Дзмітрый падыходзіў пад усе гэтыя крытэрыі, але двойчы ва УДВ яму было адмоўлена", — паведаміла жонка зняволенага.

Што тычыцца здароўя Дзмітрыя, то, паводле слоў Вольгі, магчыма, яго чакае яшчэ адна аперацыя. У найбліжэйшы чацвер, 9 лютага, яна мае намер перадаць мужу перадачу ў папраўчую калонію Магілёва № 15.

Дзмітрый Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, асуджаны на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, у ліпені яму зрабілі аперацыю на пазваночніку ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска. 

Падзяліцца гэтай старонкай: