Збор подпісаў у абарону мінскага парку 40-годдзя Кастрычніка вырашана прадоўжыць

Грамадзяне і арганізацыі, занепакоеныя лёсам мінскага парку 40-годдзя Кастрычніка, вырашылі прадоўжыць збор подпісаў у яго абарону. 

На тэрыторыі парку, нагадаем, кітайскі інвестар плануе збудаваць гасцінічны комплекс "Пекін". Прадугледжана вырубка больш чым 300 дрэў і забудова каля 70% тэрыторыі парку. Вырубка пачалася 26 снежня, знішчана ўжо некалькі дзясяткаў дрэў. Дзякуючы абаронцам парку вырубку ўдалося прыпыніць.

Сітуацыя разглядалася ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Мінгарвыканкаме. 17 студзеня была склікана прэс-канферэнцыя, на якой старшыня камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Аляксандр Пятроў заявіў: для будаўніцтва комплексу "Пекін" будзе высечана каля траціны парку, а ўзамен высаджана каля дзвюх тысяч дрэў і кустоўя і праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі. Што да прапаноў грамадскасці перанесці будаўніцтва гасцініцы "Пекін" у размешчаную побач прамзону, то, як сцвярджаюць чыноўнікі, гэтая тэрыторыя ўжо выкуплена расійскім інвестарам.

У ліку абаронцаў парку — не толькі мінчане, якія жывуць паблізу паркавай зоны і актывісты экалагічных арганізацый ("Экадом", экалагічнае таварыства "Зялёная сетка", Беларуская партыя "Зялёныя"), але і палітыкі, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, Беларуская праваслаўная аўтакефальная царква.

Усе яны лічаць, што гарадскім уладам не ўдалося вырашыць канфліктную сітуацыю. "Заявы гарадскіх уладаў аб тым, што дасягнуты кампраміс адносна парку, не адпавядаюць рэчаіснасці. Мы лічым, што немагчыма захаваць парк, пабудаваўшы там гасцініцу", — адзначае актывістка "Зялёнай сеткі" Марына Дубіна.

Прадоўжыць збор подпісаў абаронцаў парку прымусіў той факт, што ўлады ў аднабаковым парадку спынілі дыялог з грамадскасцю.

"Раённая адміністрацыя адмовіла нам у сустрэчы, растлумачыўшы гэта тым, што прымаемыя рашэнні не абмяркоўваюцца, а мы — грамадскасць, будзем аб іх праінфармаваныя", — паведаміў БелаПАН мясцовы жыхар Уладзімір Зубок.

На думку Ірыны Сухій, старшыня савета ГА "Экадом", такая пазіцыя ўладаў парушае Орхускую канвенцыю, якая прадпісвае абмеркаванне з грамадскасцю экалагічна значных рашэнняў і ўлічыць яе меркаванні пры прыняцці такіх рашэнняў.

У адкрытым звароце, пад якім ідзе збор подпісаў, абаронцы парку прапануюць уладам "улічыць меркаванне жыхароў горада і перанесці гасцінічны комплекс "Пекін" у іншае, больш прыдатнае для пяцізоркавага гатэля месца".

"На наш погляд, пяцізоркавы гасцінічны комплекс "Пекін" немагчыма будзе размясціць у межах парку такім чынам, каб захаваць як мага больш дрэў. Улічваючы вялікія памеры комплексу і яго мяркуемы ўзровень — пяць зорак, мы ўпэўнены ў тым, што яго будаўніцтва на тэрыторыі парку ў любым выпадку прывядзе да яго адназначнага знішчэння", — сказана ў звароце.

Прадстаўнікі грамадскасці заклікаюць кітайскі бок з павагай паставіцца да беларускай культуры і традыцый і "прыняць больш падыходзячы альтэрнатыўны варыянт размяшчэння гасцінічнага комплексу "Пекін".

Да 500 подпісаў, сабраных у абарону парку раней, прыбавіліся яшчэ 300 — яны сабраныя ўсяго за адзін дзень, 9 лютага. Абаронцы парку плануюць сабраць тысячы подпісаў і ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам аб зваротах грамадзян перадаць іх у дзяржструктуры: Адміністрацыю прэзідэнта, Мінгарвыканкам, Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя, а таксама ў пасольства КНР.

Тэкст звароту размешчаны адразу на некалькіх інтэрнэт-пляцоўках (https://www.change.org/petitions/-40-2; http://www.greenbelarus.info/-40); а таксама на сайтах шэрагу дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. Падпісацца пад папяровым тэкстам звароту можна ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў". Зборам подпісаў таксама займаецца Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. 

belapan.by

Падзяліцца гэтай старонкай: