Вырабы рамеснікаў XI—XIII стагоддзяў на выставе ў Гомелі

У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі адкрылася выстава "Гомель старажытны — Гомель рамесны", прысвечаная 870-годдзю першага згадвання горада ў летапісных крыніцах і 25-годдзю з дня выяўлення археалагічнай рэдкасці — зброевай майстэрні.

Як паведамілі БелаПАН у адміністрацыі палаца, на выставе прэзентаваны арыгінальныя вырабы гомельскіх рамеснікаў XI—XIII стагоддзяў, знойдзеныя на тэрыторыі гістарычнай часткі горада, у тым ліку прадметы са зброевай майстэрні, што была выяўлена на месцы цяперашняга абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі "Юнацтва". У экспазіцыі таксама сучасныя рэканструкцыі бытавых прадметаў, касцюмаў, пласціністага даспеху, халоднай зброі, перададзеныя членамі гомельскага клуба гістарычнага мадэлявання "Грыдні Мсціслава Глебавіча".

Гомель (летапісны Гомій) — адзін з найстаражытнейшых гарадоў Беларусі, упершыню згаданы ў Іпацьцеўскім летапісе ў 1.142 годзе. У якасці горада існаваў задоўга да згадвання ў летапісе. Археалагічныя даследаванні далі магчымасць сцвярджаць, што ўжо ў канцы X — пачатку XI стагоддзя Гомель быў адным з гарадскіх цэнтраў радзіміцкай зямлі. У 1239 годзе мірнае жыццё горада было перарвана: яго захапілі і спалілі татара-манголы.

Да пачатку XIII ст. Гомель стаў прыкметным палітычным, гандлёвым, культурным і рамесным цэнтрам паўночна-заходняй часткі Чарнігаўскай зямлі. Паводле прыблізных падлікаў, у той час тут пражывала больш за пяць тысяч чалавек, а агульная плошча Гомеля складала больш за 40 гектараў. Гомель другой чвэрці XIII стагоддзя можна аднесці да гарадоў сярэдняга памеру, якія прыкметна адрозніваліся ад драбнейшых гарадоў развітымі гандлем і рамёствамі. Гэта пацвярджаецца шматлікімі знаходкамі вырабаў мясцовых рамеснікаў, якія стварылі самабытную гарадскую культуру.

БелаПАН 

Падзяліцца гэтай старонкай: