У Польшчы за смаленскую катастрофу абвінавацілі генерала
Намесніку начальніка Бюро аховы ўраду генералу Паўлу Бяляўнаму пагражае да 3 гадоў турмы.
Сёння польская пракуратура выставіла абвінавачаньне генералу Паўлу Бяляўнаму, намесніку начальніка Бюро аховы ўрада, у рамках расследавання авіякатастрофы пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года.
Генэрал Бяляўны абвінавачваецца ў невыкананні службовых абавязкаў падчас падрыхтоўкі палёту прэзідэнцкага Ту-154М і дапушчэнні хлуслівай інфармацыі ў афіцыйным дакумэнце. Пракуратура не паведамляе дэталяў, інфармуючы толькі, што Бяляўнага абвінавачваюць яшчэ ў адсутнасці належнага нагляду за дзеяннямі па забеспячэнні палёту першых асобаў дзяржавы.
Бяляўны, паводле паведамлення пракуратуры, не прызнаў сваёй віны і адмовіўся даваць тлумачэнні.
Учора Бяляўны быў звольнены міністрам унутраных справаў са сваёй пасады ў Бюро аховы ўрада.
Бяляўнаму пагражае да трох гадоў пазбаўлення свабоды.
Раней польскія пракуроры выставілі абвінавачаньне двум афіцэрам, што займалі высокія пасады ў палку транспартнай авіяцыі, у функцыі якога ўваходзіла перавозка першых асобаў дзяржавы.
10 красавіка 2010 года пры спробе прызямлення на вайсковым аэрадроме пад Смаленскам разбіўся польскі ўрадавы самалёт. Загінулі 96 чалавек, уключна з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качынскім.


















