У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца прадстаўнік ЕС Гунар Віганд
У Беларусі з рабочым візітам знаходзіцца дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд.
Ён прыбыў у Мінск 8 лютага. Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўрасаюза ў Беларусі, галоўная мэта візіту — "устанавіць еўрапейскі дыялог па пытаннях мадэрнізацыі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі".
Віганд плануе сустрэцца з беларускімі праваабаронцамі, сваякамі палітзняволеных, супрацоўнікамі дыпламатычнага корпусу і з прадстаўнікамі ўрада. Гэта дасць магчымасць "зрабіць агляд цяперашняга ўзроўню адносін паміж ЕС і Беларуссю і назваць пытанні, якія выклікаюць неспакой у ЕС", адзначылі ў прэс-службе прадстаўніцтва.
"ЕС мае на мэце падтрымаць будучае пераўтварэнне Беларусі ў краіну, дзе пераважаюць дэмакратыя, вяршэнства парва і павага правоў чалавека. ЕС працягвае працаваць з тымі, хто раздзяляе гэтыя імкненні, — падкрэслівае прэс-служба. — ЕС, як і раней, імкнецца звяртацца да ўсіх беларусаў і выступае за аб`яднаны падыход да намаганняў, накіраваных на трансфармацыю і мадэрнізацыю. Еўрасаюз узаемадзейнічае з беларускай грамадзянскай супольнасцю ў абмежаванні патэнцыялу еўрапейскай будучыні для краіны".
У прадстаўніцтве ЕС адзначаюць: існуе шмат галін, у якіх Еўрасаюз ужо дапамагае або можа аказаць дапамогу Беларусі, у тым ліку ў рамках Еўрапейскай палітыкі суседства і Усходняга партнёрства.
"Ёсць план дзеянняў па правядзенні рэформ. Ёсць патэнцыял эканамічнай інтэграцыі, інвестыцый і падтрымкі эканамічнага развіцця краіны, магчымасць узмацніць супрацоўніцтва з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскім інвестыцыйным банкам, існуе магчымасць макраэканамічнай дапамогі з боку ЕС", — адзначае прэс-служба.
"Але ёсць умовы, выкананне якіх неабходнае для таго, каб гэтымі магчымасцямі можна было скарыстацца, — падкрэсліваюць у прадстаўніцтве. — ЕС працягне актыўна супрацоўнічаць з беларускай грамадзянскай супольнасцю і імкнуцца да таго, каб абазначыць ключавыя рэформы, неабходныя для таго, каб узніклі магчымасці для падтрымкі".
Візіт Гунара Віганда працягнецца да 10 лютага.


















