Старшыня АБСЕ Гілмар заклікаў улады Беларусі вярнуць у краіну прадстаўнікоў арганізацыі
Дзейны старшыня АБСЕ, міністр замежных спраў Ірландыі Эйман Гілмар заклікаў беларускія ўлады вярнуць прадстаўнікоў арганізацыі ў Беларусь.
Пра гэта ён заявіў, выступаючы 8 лютага на пасяджэнні Хельсінкскай камісіі кангрэса ЗША ў Вашынгтоне, паведамляе радыёстанцыя "Голас Амерыкі".
Гілмар адзначыў, што ў Беларусі працягваецца "наступленне на грамадзянскія правы", беларускія ўлады праігнаравалі рэкамендацыі АБСЕ адносна паляпшэння сітуацыі з выкананнем правоў чалавека. Пры гэтым Гілмар падкрэсліў: важна працягваць дыялог з урадам Беларусі.
Акрамя Беларусі, Гілмар назваў некалькі задач, якія АБСЕ лічыць прыярытэтнымі, — гэта барацьба з гандлем людзьмі, забеспячэнне свабоды інтэрнэта і барацьба з такімі злачынствамі, як выкраданне дзяцей бацькамі і іх вываз за мяжу.
Нагадаем, пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года, якія АБСЕ не прызнала легітымнымі, беларускія ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці Офіса АБСЕ ў Мінску.


















