Кіраўнік МЗС Расіі: Еўропе не варта з падазрэннем ставіцца да ідэі еўразійскай інтэграцыі
Еўропе не варта з падазрэннем ставіцца да планаў па развіцці еўразійскай інтэграцыі, заявіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў, выступаючы 4 лютага на 48-й Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
"Не лічым апраўданым асцярожнае, нават падазронае стаўленне еўрапейскіх партнёраў да крокаў і планаў па развіцці еўразійскай інтэграцыі. Мы неаднаразова тлумачылі, што рашэнне Расіі, Беларусі і Казахстана даць прыклад паглыблення інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы скіравана не на тое, каб адгарадзіцца ад Еўрапейскага саюза, а, наадварот, на пашырэнне гарызонтаў узаемакарыснага супрацоўніцтва, на стварэнне больш трывалых і зручных сувязяў паміж Еўропай і Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёнам", — цытуе Лаўрова РІА Новости.
Паводле слоў міністра, у 2010 годзе на саміце Савета Расія—НАТО ў Лісабоне лідары выказваліся за пабудову ў гэтым фармаце стратэгічнага партнёрства.
"Зараз неабходны канкрэтныя дзеянні па пераадоленні "шматковага" характару гарантый і механізмаў бяспекі, што дзейнічаюць у Еўраатлантыцы. Еўропе патрэбны мірны пакт, які падводзіць рысу пад эпохай халоднай вайны, бо шырокае супрацоўніцтва можа будавацца толькі на платформе даверу", — зазначыў Лаўроў.
Ён дадаў, што "такі пакт павінен быць юрыдычна абавязвальным", і менавіта гэтыя меркаванні прымусілі Расію вылучыць ідэю дагавора аб еўрапейскай бяспецы.
У цэлым Расія ўпэўнена, сказаў Лаўроў, што "акно магчымасцяў у тым, што тычыцца стварэння еўраатлантычнай, еўразійскай супольнасці бяспекі, застаецца адчыненым".
"Мы гатовы да працягу раўнапраўнага, сумленнага і прадуктыўнага дыялогу з партнёрамі на аснове паважання прынцыпаў вяршэнства права і дэмакратыі ў міжнародных справах", — заявіў ён і падкрэсліў: Расія мяркуе, што запушчаная Расіяй і Еўрасаюзам праграма партнёрства для мадэрнізацыі "мае добрыя перспектывы".
"Але калі мы хочам дамагчыся сапраўды сумленных вынікаў, мы павінны дзейнічаць больш рашуча", — дадаў міністр.
Паводле слоў Лаўрова, трывожным званком становіцца праблема ЕўраПРА, якая "прагне ўбіць клін паміж галінамі еўрапейскай цывілізацыі". "У яе корані ўсё тое ж нежаданне забяспечыць роўную і недзялімую бяспеку ў юрыдычна абавязвальнай форме", — сказаў расійскі міністр.
"Разам з тым, вопыт сумеснай барацьбы з тэрарызмам і тэрактамі, пошук салідарных адказаў на выклікі, звязаныя з рэгіянальнымі канфліктамі, са зменай клімату, з няўстойлівасцю развіцця, сведчаць пра рэальнасць новага ўзроўню даверу і супрацоўніцтва, калі абапірацца на прынцып раўнапраўя і ўліку інтарэсаў адзін аднаго", — падкрэсліў Лаўроў.


















