Карбалевіч: Вызваленне некалькіх палітзняволеных магчымае
Вызваленне некалькіх палітзняволеных у хуткім часе "цалкам магчымае". Такую думку выказаў БелаПАН палітолаг Валерый Карбалевіч, каментуючы візіт прадстаўніка Еўрасаюза Гунара Віганда ў Мінск.
Дырэктар дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд прыбыў у Беларусь 8 лютага. У той жа дзень ён сустрэўся з прадстаўнікамі беларускага МЗС, а сёння на сустрэчы з актывістамі апазіцыі не выключыў, што ў бліжэйшыя тыдні з турмаў могуць выйсці некаторыя палітзняволеныя, у тым ліку знакавыя.
"Два чалавекі напісалі прашэнні аб памілаванні, а Аляксандр Лукашэнка публічна абяцаў вызваліць тых, хто іх напіша, — нагадаў Карбалевіч. — Таму цалкам можна чакаць вызвалення Андрэя Саннікава і Дзмітрыя Бандарэнку, бо працэдура памілавання ўжо запушчана".
Нагадаем, і экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў, і яго давераная асоба на выбарах Дзмітрый Бандарэнка напісалі прашэнне на імя Лукашэнкі. Паводле слоў жонкі Саннікава, яе муж напісаў прашэнне яшчэ 20 лістапада; паводле звестак МУС, гэта адбылося 23 снежня. Бандарэнка падаў прашэнне 1 лютага. Лёс абодвух прашэнняў невядомы.
Валерый Карбалевіч мяркуе, што візіт прадстаўніка ЕС у Мінск можна лічыць пэўныя крокам насустрач Беларусі. "Ці будуць такія крокі ў далейшым? Магчыма, будуць нейкія заявы вышэйшых службовых асоб Еўрасаюза пра тое, што яны вітаюць вызваленні. Магчымыя і іншыя крокі, у тым ліку візіты еўрапейскіх чыноўнікаў у Беларусь або міністра замежных спраў Сяргея Мартынава ў Брусель", — сказаў эксперт.
Разам з тым, на думку палітолага, казаць пра пацяпленне адносінаў паміж Беларуссю і ЕС пакуль рана. "Пакуль адносіны на ўзроўні замарозкі. Трэба пачакаць вызвалення, калі яно ўсё ж адбудзецца, а потым разважаць аб пацяпленні. Пакуль усе абяцанні застаюцца на словах", — падкрэсліў Карбалевіч.


















