Фінансаванне дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця Беларусі павялічана да 77,5 трлн. руб.

Аб'ём фінансавання праектаў дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011—2015 гады павялічаны з 57,4 трлн. да 77,5 трлн. рублёў.

Як паведаміла прэс-служба ўрада, праграма скарэктавана пастановай Савета міністраў ад 4 лютага 2012 года № 117. "Яе мерапрыемствы аптымізаваныя з улікам патрэбнасцяў унутранага і знешняга рынку, значнасці праектаў для эканомікі краіны. Па асобных праектах удакладнёныя найменні, аб'ёмы і крыніцы фінансавання, а таксама тэрміны рэалізацыі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Па прапанове Мінскага гарвыканкама ў склад найважнейшых інавацыйных праектаў уключаны праект па стварэнні рэсурсанезалежнага квартала з інавацыйнымі аб'ектамі жыллёвага, сацыяльнага і навукова-прыкладнога прызначэння. Яго рэалізацыяй зоймецца прыватнае будаўнічае ўнітарнае прадпрыемства (ПБУП) "Дом Парк", якое ў 2010 годзе стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў у намінацыі "Лепшы інавацыйны праект".

Усяго новай рэдакцыяй дзяржпраграмы вызначана 238 найважнейшых інавацыйных праектаў. З іх у 2011 годзе выконваліся 210, пры гэтым па 24 — забяспечаны ўвод аб'ектаў у эксплуатацыю.

БелаПАН 

Падзяліцца гэтай старонкай: