Больш за трыльён рублёў будзе накіравана на развіццё сувязі і інфарматызацыі ў Беларусі
Больш за 1 трыльён рублёў будзе накіравана ў 2012 годзе на развіццё сувязі і інфарматызацыі ў Беларусі.
Пра гэта паведаміў 9 лютага міністр сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей на нарадзе ва ўрадзе, дзе разглядаліся асноўныя параметры развіцця галіны.
"Мы плануем па гэтым годзе толькі па прадпрыемствах галіны інвеставаць 1 трлн. 33 млрд. рублёў", — цытуе міністра прэс-служба ўрада. Асноўны акцэнт будзе зроблены на ўкараненне і развіццё новых тэхналогій у галіне. У прыватнасці, запланаваны пераход на тэхналогію пасіўных аптычных сетак. "Найперш яна закране новабудоўлі і бізнес-супольнасці, — удакладніў Панцялей. — Дзякуючы інавацыі можна будзе аказваць самы шырокі спектр паслуг на самых высокіх хуткасцях".
З дапамогай інавацый будзе таксама ажыццёўлены паэтапны вывад з эксплуатацыі аўтаматызаваных тэлефонных станцый з пераходам на лічбавыя АТС.
Значную ўвагу сёлета Мінсувязі мае намер надаць развіццю інтэрнэт-паслуг. Колькасць актыўных карыстальнікаў такімі паслугамі ў Беларусі ўжо перавысіла 3 мільёны абанентаў. Укараненне інавацый і новых тэхналогій у галіне сувязі і інфарматызацыі працягнецца сёлета і ў наступныя гады, заявіў міністр.
Паводле слоў Панцялея, у 2011 годзе прадпрыемствы галіне прыцягнулі 31,1 млн. долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Запланаваныя паказчыкі па прыцягненні прамых замежных інвестыцый не выкананы. Гэта тлумачыцца найперш здзелкай па продажы дзяржаўнай долі акцый у кампаніі "МТС", якая не адбылася, патлумачыў кіраўнік ведамства.
Аналізуючы выкананне задання па тэмпах росту экспарту паслуг, Панцялей паведаміў, што гэты паказчык склаў 151,7 млрд. долараў. Станоўчае сальда знешняга гандлю паслугамі сфарміравалася ў памеры 47,9 млн. пры заданні 80 млн. У 2012 годзе прадпрыемствы Мінсувязі павінны павялічыць экспарт паслуг у параўнанні з 2011 годам на 7%, да 162,2 млн. долараў. Выкананне гэтага паказчыку плануецца забяспечыць за кошт экспарту паслуг электрасувязі (153,8 млн.), паштовай сувязі (7,3 млн.), а таксама архітэктурных, інжынерных і іншых паслуг (1,1 млн.), патлумачыў міністр.
Адначасова будзе скарачацца імпарт прадукцыі і паслуг у галіне сувязі і інфарматызацыі, дадаў ён. Па выніках 2012 года гэты паказчык павінен паменшыцца амаль на 15% і скласці 89,2 млн. долараў. У выніку сальда знешняга гандлю паслугамі чакаецца станоўчае ў памеры 73 млн. долараў — гэта ў паўтара раза больш у параўнанні з 2011 годам.


















