Больш за дзвесце работ склалі альбом "Прэс-фота Беларусі — 2011"
У галерэі сучаснага мастацтва "Ў" 8 лютага адбылася прэзентацыя альбома "Прэс-фота Беларусі — 2011", у які ўвайшло больш за 200 самых актуальных фатаграфій 2010 года.
Вядучым цырымоніі выступіў музыкант Зміцер Вайцюшкевіч.
Уладальнікам Гран-пры конкурсу стаў фатограф "Нашай нівы" Сяргей Гудзілін — вышэйшай узнагародай журы ацаніла яго здымак "Штодзённае жыццё", на якім адлюстраваны абавязковы штодзённы прагляд інфармацыйнай праграмы "Панарама" ў адной з воінскіх часцей Мінскай вобласці: над тэлевізарам узвышаецца партрэт Аляксандра Лукашэнкі.
"Параўноўваць конкурс Belarus Press Photo c конкурсам World Press Photo некарэктна, бо апошні збірае найлепшыя фатаграфіі з усяго свету, а не з невялікай краіны, — лічыць адзін з арганізатараў праекта фатограф Вадзім Заміроўскі. — Тым не менш узровень беларускай прэс-фатаграфіі нельга назваць нізкім: на нядаўняй выставе ў Пецярбургу работы беларускіх фатографаў выклікалі большую цікавасць, чым фатаграфіі іх калегаў з Прыбалтыкі". Паводле яго меркавання, неспрыяльныя палітычныя ўмовы, у якіх часам працуюць фатографы ў Беларусі, не ўплываюць на якасць здымкаў, бо "мітынг — гэта проста інфармацыйная нагода".
Адзін з арганізатараў конкурсу Сяргей Міхаленка нагадаў, што прыём работ на Belarus Press Photo — 2012 пачаўся 18 студзеня і працягнецца да 19 лютага. "Першы альбом можна назваць выпадковым, другі — гэта ўжо тэндэнцыя. Спадзяюся, будзе і трэці. Не прапусціце шанс увайсці ў гісторыю беларускай фотажурналістыкі", — падкрэсліў ён.
Лідар кампаніі "Гавары праўду!" Уладзімір Някляеў выказаў падзяку ўсім супрацоўнікам СМІ, якія нават у самае дрэннае надвор'е асвятляюць палітычныя падзеі краіны: "З апаратурай уцякаць цяжэй, але затое ёсць чым адбівацца". У мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел старшыня руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч, намеснік старшыні кампаніі "Гавары праўду!" Андрэй Дзмітрыеў, рэдактар інтэрнэт-партала "Тузін Гітоў" Сяргей Будкін.
Belarus Press Photo — адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі, які праводзіцца з 2009 года з мэтай развіцця ў краіне прафесійнай фотажурналістыкі. У 2011 годзе арганізатары конкурсу атрымалі больш за дзве тысячы работ ад 72 аўтараў. Журы вызначыла пераможцаў у васьмі намінацыях: "Навіны", "Людзі ў навінах", "Паўсядзённае жыццё", "Спорт", "Партрэт", "Мастацтва і забавы", "Прырода", "Народныя традыцыі".
У журы конкурсу ўвайшлі: шэф маскоўскага бюро Associated Press, лаўрэат Pulitzer Prize Аляксандр Землянічанка, прэзідэнт клуба фатографаў Літвы Ёнас Стаселіс, вядомы расійскі фотаблогер drugoi Рустэм Адагамаў, уладальнік прэміі World Press Photo Джэймс Гіл, дырэктар European Pressphoto Agency Марыя Ман, фатографы Яўген Казюля, Ганна Зекрыя, Каспер Пемпель, Ліза Фактар.


















