Беларускамоўныя кнігі - 10 працэнтаў

Прычым гэта не камэрцыйныя, а сацыяльна значныя праекты. 

"Беларускамоўных кніг у нас выдаецца прыкладна 10%. Гэта лічба зьяўляецца адлюстраваньнем моўнай сытуацыі", — заявіла першая намесьнца міністра інфармацыі Лілія Ананіч 3 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.

У той жа час, сказала яна, міністэрства не задавальняе "колькасьць беларускамоўных кніг, якая выдаецца".

Ананіч паведаміла, што дзяржаўныя выдавецтвы выпускаюць прыкладна 120 кніг на беларускай мове ў год. Прычым гэта не камэрцыйныя, а сацыяльна значныя праекты.

У Год кнігі, якім абвешчаны 2012, Мінінфармацыі асаблівую ўвагу надае распаўсюджваньню беларускамоўнай кнігі. "У кнігарнях можна заўважыць, што беларускамоўныя кнігі выстаўлены на самым бачным месцы", — адзначыла Ананіч.
Яна паведаміла, што ў сэрыі "Школьная бібліятэка" ў 2011 годзе было выдадзена 20 беларускамоўных кніг накладам 20—30 тысяч асобнікаў.

"Мы ня можам адмовіцца ад вялікай расейскай кнігі, — разам з тым адзначыла Ананіч. — Мы ня можам абмяжоўваць сябе моўным пытаньнем".

radyjo.net

Падзяліцца гэтай старонкай: