Беларусі няма ў ліку краін, якія аказалі дапамогу Кыргызстану
Беларусі няма ў ліку краін АДКБ, якія аказвалі дапамогу Кыргызстану з пачатку развіцця крызіснай сітуацыі на поўдні краіны 11 чэрвеня. Звесткі пра канкрэтныя віды дапамогі абнародавала 29 ліпеня прэс-служба сакратарыята арганізацыі.
Так, Казахстан паставіў у Кыргызстан 3.700 тон дызельнага паліва для правядзення веснавых палявых работ.
Таджыкістан для патрэб Узброеных сіл Кыргызстана авіятранспартам паставіў рэчавую маёмасць і прадукты харчавання, а таксама па лініі Камітэта па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароны наземным транспартам — 100 тон мукі, 30 тон рысу, 10 тон макаронаў, 10.000 літраў алею, 10 тон бульбы, 10 тон цыбулі, 10.235 літраў дызельнага паліва.
Расія прадаставіла грант на 20 млн. долараў для сацыяльнай падтрымкі насельніцтва і льготны крэдыт на 30 млн. долараў па лініі "Рассельгасбанка", а таксама выдзеліла 25 тысяч тон гаруча-змазачных матэрыялаў, 20 тысяч тон дызельнага паліва, маёмасць для праваахоўных органаў і спецыяльных службаў Кыргызстана. Па лініі МНС РФ у краіну было пастаўлена 129 тон розных гуманітарных грузаў, а таксама 43 тоны медыцынскіх прэпаратаў і неабходнае медыцынскае абсталяванне. Урад Масквы выдзеліў пяць аўтамабіляў хуткай дапамогі і перасоўную рэнтгенаўскую ўстаноўку на базе аўтамабіля "КамАЗ". У студзені 2011 года з улікам просьбы кіргізскага боку будуць пастаўлены 1,5 тысячы тон элітных збожжавых гатункаў насення.
Узбекістан даставіў у Кыргызстан медыкаменты: 164.000 аднаразовых шпрыцаў, 43.800 штук перавязачных матэрыялаў, 15.000 і 10.080 штук інфузій і інфузійных раствораў адпаведна. Было таксама адпраўлена 200 тон мінеральных угнаенняў, 150 тон будаўнічых матэрыялаў, 30 тон мукі, 20 тон гаруча-змазачных матэрыялаў, паведамляе БелаПАН













Каментары