БДУ узняўся на 897-е месца ў сусветным вебаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт узняўся на 311 пазіцый і заняў 897-е месца ў сусветным вебаметрычным рэйтынгу ўніверсітэтаў, паведамляе прэс-служба БДУ.

Рэйтынг на працягу апошніх васьмі гадоў складае іспанскі даследчы цэнтр Laboratorio de Internet. Ён абнаўляецца двойчы на год: у студзені і ліпені. У яго апошняй рэдакцыі прааналізавана 20.300 універсітэтаў (усяго ў свеце прыкладна 30 тыс. універсітэтаў). Выніковы рэйтынг разлічваецца як сярэднеўзважанае чатырох паказчыкаў, па адным з якіх (навука) БДУ за паўгоддзе перамясціўся на 72 пазіцыі і ўвайшоў у 500 лепшых універсітэтаў свету, заняўшы 457-ы радок.

Сярод універсітэтаў краін СНД Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт знаходзіцца на дзявятым месцы, прапусціўшы наперад восем расійскіх ВНУ, у тым ліку МДУ.

Пяцёрка сусветных лідараў сёння выглядае так: 1-е месца — Гарвардскі ўніверсітэт, 2-е — Масачусецкі тэхналагічны інстытут, 3-е — Стэнфардскі ўніверсітэт, 4-е — Мічыганскі ўніверсітэт, 5-е — Каліфарнійскі ўніверсітэт (Берклі). Найлепшым сярод еўрапейскіх універсітэтаў з'яўляецца Кембрыджскі ўніверсітэт, які займае ў рэйтынгу 24-е месца. 

БелаПАН

Падзяліцца гэтай старонкай: