Актывісты кампаніі "Гавары праўду!" ушанавалі Тадэвуша Касцюшку
Актывісты кампаніі "Гавары праўду!" Брэсцкай вобласці 3 і 4 лютага правялі серыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да 266-й гадавіны з дня нараджэння Тадэвуша Касцюшкі — кіраўніка нацыянальна-вызвольнага паўстання 1794 года ў Беларусі, Польшчы і Літве, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы.
Як паведаміў БелаПАН удзельнік кампаніі Ігар Маслоўскі, у другой палове дня 3 лютага была арганізавана інфармацыйная акцыя ў Брэсце. У цэнтры горада, побач з ЦУМам, група актывістаў распаўсюдзіла сярод жыхароў больш як 300 асобнікаў буклетаў "За нашу і вашу свабоду!", прысвечаных жыццю і дзейнасці Касцюшкі, ушанаванню яго памяці.
4 лютага аналагічныя акцыі былі праведзены рэгіянальнымі актывістамі ў Пружанах, Івацэвічах, Белаазёрску і Баранавічах. Усяго было раздадзена прыкладна 2 тыс. буклетаў, паведаміў Маслоўскі.
Паводле яго слоў, таксама 4 лютага прыкладна 20 актывістаў кампаніі "Гавары праўду!" з Брэста, Баранавіч, Івацэвіцкага, Бярозаўскага і Пружанскага раёнаў разам з прадстаўнікамі мясцовай улады, дыпламатычных місій краін, з якімі быў звязаны лёс Касцюшкі, узялі ўдзел ва ўрачыстым мітынгу каля музея-сядзібы Касцюшкі ва ўрочышчы Марачоўшчына Івацэвіцкага раёна. Затым усклалі кветкі да мемарыяльнага знака каля дома-музея і наведалі музей.
"Пасля гэтага мы правялі круглы стол, на якім гаварылі не толькі пра самага праслаўленага ў свеце ўраджэнца Беларусі, які і сёння застаецца прыкладам беззапаветнай любові да Айчыны, адданасці справе свабоды і дэмакратыі, але і пра палітычную сітуацыю ў краіне, актывізацыю намаганняў па вызваленні палітычных зняволеных", — зазначыў Маслоўскі.


















