Аглядная місія МВФ будзе працаваць у Мінску з 22 лютага па 6 сакавіка

Аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у межах артыкула IV статута МВФ будзе працаваць у Мінску з 22 лютага па 6 сакавіка.

Як паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве МВФ у Беларусі, падчас працы місіі на чале з Крысам Джарвісам эксперты фонду правядуць традыцыйны штогадовы агляд сітуацыі ў эканоміцы, які робіцца ва ўсіх краінах — членах МВФ. Акрамя гэтага, місія выканае другі постпраграмны маніторынг. Такі маніторынг праводзіцца ў адносінах да тых краін, якія атрымлівалі буйныя крэдыты ад МВФ.

Улады Беларусі раней заяўлялі пра намер абмеркаваць з місіяй фонду пытанне аб новай крэдытнай праграме, хадайніцтва пра якую ўжо знаходзіцца ў МВФ. "У лютым мы будзем зноў весці размову па гэтым пытанні. Наша прапанова — рэфінансаваць тую завінавачанасць перад МВФ", — заявіла 30 студзеня журналістам кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова.

Завінавачанасць Беларусі перад МВФ складае 3,8 млрд. долараў.

Як паведамлялася раней, у 2012 годзе Беларусь павінна накіраваць на пагашэнне знешняга дзярждоўгу больш за 1,6 млрд. долараў. У наступныя два гады (2013—2014) штогадовыя плацяжы па пагашэнні знешняга дзярждоўгу перавысяць 3 млрд. долараў.

Нагадаем, у 2009—2010 гадах Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала прыкладна 3,46 млрд. долараў.

У Нацбанку заяўлялі, што праграма stand-by адыграла "адну з ключавых роляў у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 — пачатку 2010 года, дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць большую ўстойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць упэўненасць інвестараў і дамашніх гаспадарак".

Паведамляе БелаПАН.

Падзяліцца гэтай старонкай: